top of page

Свята бульбы “Беларуская прыгажуня”.

     Сапраўднае свята бульбы пад назвай “Беларуская прыгажуня” прайшло ў вёсцы Ізабелін прысвечанае “другому хлебу” беларусаў, якое зладзілі творчыя работнікі мясцовага Дома культуры.

     У пачатку свята пад вясёлую музыку на сцэну завіталі гаспадыні-суседачкі ў нацыянальным убранстве. Яны павіталі гасцей свята, пажадалі дабрыні, бадзёрага настрою, ветлівых усмешак. Хутка на святочную пляцоўку з нізкім паклонам завітала віноўніца свята – Бульбачка Смятанаўна Шкварачкіна. Яна павіншавала гасцей святочнага мерапрыемста, падзякавала за пашану і запрасіла ўдзельнікаў свята весяліцца, спяваць, танцаваць.

     Перашкодзіць адзначыць свята бульбы паспрабаваў Каларадскі Жук, але ў яго нічога не атрымалася.

     Госці свята атрымалі асалоду, наведаўшы выстаўку дэкаратыўных вырабаў “Бульбяныя цуды”. Сваімі рукамі іх зрабілі дзеткі, якія з’яўляюцца вучнямі “Ізабелінскага дзіцячага садка-сярэдняй школы.” На выставе можна было пабачыць Павучка,  Вясёлых Парасят,Чарапашку, Смяшарыкаў, Вусеніцу, Машу і Мядзведзя, Вожыка,  Сябровак-весялух і нават Спячага мядзведзя..

     А якое ж свята без  бульбяных страваў? Стараннямі  жанчын клуба сталых людзей “Вечарына” і жаночага клуба “Суразмоўніца” Святланы Раманавай, Ірыны Загорскай, Яніны Серык, Русланы Глушэні, Алены Міронь, Ірыны Мазец, Валянціны Амелінай, Святланы Мікуліч,  Ларысы Козел, Дануты Кароза, Алены Загорскай быў накрыты стол з мноствам разнастайных страў з бульбы, якія можна было пакаштаваць і ацаніць. Сапраўды, бульба смачная ў любым выглядзе – смажаная, вараная, запечаная ў попеле, а якія апетытныя дранікі і клёцкі! Яны прыгатавалі адным словам – смакату!

     На сцэне, зачароўваў публіку песнямі аматарскі  калектыў народнай творчасці філіяла “Дом культуры аг. Юбілейны”. Цёпла прымалі аматары песень салістаў Надзею Талашка, Валянціну Амеліну, Сару Александравечюце, Аляксандра Зайца, Аляксея Урублеўскага.

     Сваю сілу, спрыт, хуткасць прысутным давялося прадэманстраваць у гульнёвай праграме “Бульбяны бум.” Свята прайшло весела і захапляльна, нават, надвор’е не  сапсавала настрой прысутных.

bottom of page