top of page

“Блаславі, Божа, жыта зжаці і надвор’е добрае даці!“. Менавіта так прымаўлялі ў даўнія часы нашы продкі перад тым, як прыступіць да ўборкі збожжа. Яны праводзілі абрад зажынак – свята, ў гонар збору новага ўраджая.

На ўскрайку ячменнай нівы каля вёскі Мацвееўцы радком выстраіліся экіпажы хлебаробаў са сваімі камбайнамі, гатовыя да чарговай бітвы за ўраджай. І каб уборка прайшла на належным узроўні, без затрымак і страт, у аптымальны тэрмін у гаспадарцы вырашылі аддаць належнае даўняму звычаю.

Па-гэтаму 13 ліпеня філіял “Ізабелінскі Дом культуры” сумесна з работнікамі філіяла “Мацвееўскі Дом культуры” правялі абрад “А ў нас сёння зажыначкі!” .

Асноўным сімвалам зажынак заўсёды з’яўляецца сноп-прыгажун, зжаты сярпамі і працавітымі рукамі жанчын жнеек. І зажаць першы зажыначны сноп – сімвал багатага ураджаю, хлебаробчага году, былі запрошаны жнейкі.

Урачыста зажыначны сноп перадалі кіраўніку гаспадаркі Міхаілу Аркадзевічу Саўчыку.

Да ўсіх прысутных з пажаданнем хуткай і лёгкай жатвы звярнуўся старшыня Ізабелінскага сельскага выканаўчага камітэта Мікалай Леанідавіч Кароза. Галоўны аграном гаспадаркі – Віктар Іосіфавіч Буяк звярнуўся да механізатараў са словамі: “Добрага вам намалоту, сонечнай пагоды, ды каб не падвялі вашы жалезыя коні”.

 У гэты адказны час сяльчане спадзяюцца на сябе і на тэхніку. Каб яна працавала спраўна, і хлебаробаў не падводзілі ні яна, ні надвор’е, малітву на пачатак добрай справы прачыталі настаяцелі  храма Святога Архангела Міхаіла іярэй Сергій Песняк і касцёла Пятра і Паўла ксёндз Геннадзій. Яны акрапілі святой вадой зернеўборачныя камбайны і экіпажы.

Даючы наказ на старт уборачнай кампаніі, кіраўнік гаспадаркі заклікаў механізатараў памятаць, што ад іх цяперашняй добрасумленнай і якаснай работы залежыць працоўны працэс усяго сельгаскааператыва на бягучы год. Ён пажадаў ім стараннасці і руплівасці ў пачэснай працы, а таксама спрыяльнага надвор’я.

Пасля ўрачыстага абрада загулі рухавікі камбайнаў. У наступныя два тыдні механізатараў раёна чакае самая напружаная пара – “Жніво-2019”. Пажадаем ім працоўных поспехаў і багатага ўраджаю!

bottom of page